ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,

бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С. Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс. чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.

А.П.Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)